Праз афіцыйны Беларускі саюз журналістаў улады ўкідваюць інфармацыю, што сілавікі «мэтанакіравана шукаюць доказы аплаты ў канвертах, праз крыптавалюты і праз банкаўскія карткі, эмітаваныя ў Польшчы, краінах Балтыі і Украіны».

Што стаіць за гэтым наездам на праваабаронцаў? «Наша Ніва» распытала ў намесніка кіраўніка «Вясны» Валянціна Стэфановіча.

Злева направа: Валянцін Стэфановіч, Яўгенія Парашчанка, Алесь Бяляцкі

«Наша Ніва»: Валянцін, што гэта было?

Валянцін Стэфановіч: Гэта логіка рэпрэсій, тут усё зразумела. Яны грамяць праваабаронцаў і журналістаў, каб паралізаваць магчымасць любой дапамогі ахвярам рэпрэсій. Гэта яны расцэньваюць як фінансаванне масавых беспарадкаў ці групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Натуральна, што ні праваабаронцы, ні журналісты людзей на вуліцы не выводзяць і не выводзілі. Мы працуем з тымі наступствамі, якія маем у выніку крызісу правоў чалавека. Мне гэта вельмі нагадвае 2009-2011 гады.

«НН»: Як лічыш, гэта паступовы націск, спачатку адны, потым — другія ці звязана з актыўнасцю праваабаронцаў апошняга часу?

ВС: Мне здаецца, прэвентыўныя захады з мэтай недапушчэння веснавых пратэстаў, якіх улады вельмі баяцца, таму праводзяць такі шалёны ціск і рэпрэсіі.

У чаціках вылоўліваюць людзей, прыцягваючы за вушы артыкулы, бамбяць праваабаронцаў і журналістаў. Палітыка такая — пакінуць выпаленую зямлю, каб тут нічога не засталося. Яны баяцца, каб журналісты не аказвалі інфармацыйную падтрымку, праваабаронцы — не дапамагалі ахвярам. Трэба, каб тут было ціха-мёртва, таму ясна, што б’юць па такіх арганізацыях. «Вясна» невыпадкова аказалася ў гэтым спісе, мы заўжды былі актыўнай арганізацыяй і застаёмся такой.

«НН»: Па інфармацыі на 18:00 яшчэ нікога не закрылі па крымінальнай справе. Гэта выпадкова ці не?

ВС: Затрымалі ў Мінску Змітра Салаўёва. У Магілёве на допыт у СК павезлі Барыса Бухеля, незразумела, што будзе з Алесем Бяляцкім. Я бачыў яго, калі выводзілі з офіса на Незалежнасці, незразумела, які ў яго статус, але выглядае як затрыманы. Яго павезлі дзядзі ў масках дамоў, што далей будуць рабіць — невядома.

«НН»: Можа, так штурхаюць з’язджаць за мяжу?

ВС: Гэта таксама. Гэта псіхалагічны ціск, які пачаўся не сёння, былі ж заявы пра «адну незарэгістраваную арганізацыю». Гэта нагадвае 2011 год, калі нас з Алесем выклікалі ў падатковую, каб паказаць дакументы, што прыйшлі на нас з Літвы, і на ўсіх дакументах была пячатка «ДФР». То-бок яны ўжо ўсё ведалі і маглі заводзіць справы, але, здаецца, чакалі, што мы самі з’едзем. Калі ўбачылі, што Бяляцкі нікуды не з’язджае, то ў іх цярпенне скончылася і ў жніўні яго затрымалі.

А са мной атрымалася сітуацыя, што чыста тэхнічна не хапіла грошай, каб мяне пасадзіць. Далібог, поўнае дэжавю, толькі тады гэта было летам, а цяпер зімой. Нас трэслі адразу пасля выбараў 2010 года, потым прыходзілі ў студзені. І як толькі крыху прыціхла, то як у класічным амерыканскім фільме жахаў, калі здаецца, што ўсё страшнае ўжо скончылася, то нехта выскоквае. Так і ў нас было з арыштам Бяляцкага, які зацягнуўся на доўгія тры гады. Але мы выстаялі. Сёлета нам 25 гадоў. Я думаю, мы вытрымаем і цяпер.

«НН»: Уладам ужо без розніцы, колькі будзе палітвязняў, хто імі будзе?

ВС: У мяне такое ўражанне, што адзін вядомы персанаж перажыў вялікую душэўную траўму, таму яму па барабане. Я спадзяюся, што і там засталіся людзі, якія больш-менш цвяроза мысляць і глядзяць наперад. Прынамсі, міністр Макей па апошніх словах рабіў выгляд чалавека, які думае на некалькі крокаў наперад. Але баль цяпер вядуць сілавікі, а яны не абцяжарваюць сябе думкамі пра наступныя крокі. Якую задачу паставілі — такую выконваюць. Ніхто ўжо не зважае, колькі палітвязняў і хто яны.

«НН»: Што можна ў такой неспрыяльнай палітычнай сітуацыі?

ВС: Кожны павінен рабіць што можа і што ў яго найлепш атрымліваецца. Журналісты быць журналістамі, а праваабаронцы — праваабаронцамі. Вядома, па меры магчымасці. Як кажа Бяляцкі, кожны павінен браць столькі, колькі можа пацягнуць. Нам нічога іншага не выпадае.

«НН»: Праваабаронца не стане забароненай прафесіяй у Беларусі?

ВС: Усё можа быць, цяпер вядуцца з размовы пра змены ў заканадаўстве, у законе аб экстрэмізме, змены ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Яны хочуць, каб ледзь не любая публічная крытыка каралася. Мы вяртаемся сямімільнымі крокамі ў наша савецкае мінулае, асабліва ў мяне такое ўражанне пасля «Усебеларускага сходу», год гэтак 1982-і, калі разграмілі амаль увесь праваабарончы рух, сядзела Маскоўска-хельсінская група. Толькі я не ведаю, як гэта можа быць у ХХІ стагоддзі?

«НН»: Шукаюць усё, што звязана з аплатай штрафаў?

ВС: Яны гэта хочуць шукаць. Але забіраюць камп’ютары, асабістыя грошы. У Наталлі Сацункевіч навошта забралі капілку з манетамі? Напэўна, іх цікавяць носьбіты інфармацыі і наяўныя грошы. Мабыць жа, нехта спансуе гэтыя пратэсты, такая іх логіка.

«НН»: Калі б у іх нешта было, то закрывалі б усіх. Магчыма, гэта спроба «а вось нешта знойдзем».

ВС: Паглядзім, гэта такая дэманстратыўная акцыя, якая шмат на што разлічана. Верагодна, яна разлічаная на Захад. Маўляў, паглядзіце, калі будуць новыя санкцыі, то мы вашых «выкармышаў», вашых «агентаў» пасадзім. Гэта такая логіка ў стылі «ўкусі сябе за сраку».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?