Рэчычанін Алесь Здаравеннаў прымацаваў да вентыляцыйнай трубы на сваёй хаце ў прыватным сектары нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг яшчэ ў лістападзе. З таго часу сцяг вісеў і нікому не замінаў. Больш таго, у пачатку снежня яго заўважылі міліцыянеры, апыталі Алеся і некалькіх суседзяў, і на тым справа сціхла.

Але 23 студзеня да Алеся зноў прыйшоў міліцыянер. Ім аказаўся ўчастковы Вадзім Пінкін. Алесь спрабаваў даказаць, што гаспадарыць ва ўласным падворку і ўпрыгожвае яго так, як лічыць патрэбным, і падворак не ёсць публічнае месца, дзе б ён праводзіў нейкія масавыя мерапрыемствы. Пінкін нават мераў адлегласць ад плота вуліцы да месца, дзе стаіць сцяг, і намераў ажно 6 метраў. Але гэта не перашкодзіла скласці на Алеся Здаравеннага пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні з абвінавачваннем у правядзенні адзіночнага пікетавання «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў».

У судзе Рэчыцкага раёна адміністрацыйную справу Алеся Здаравеннага разглядаў суддзя Вадзім Бобыраў. Падчас апытання Алесь патлумачыў, што на сваёй уласнай хаце павесіў сцяг для сябе, а не для нейкіх масавых мерапрыемстваў.

«Мне гэты сцяг падабаецца. Ён прыгожы. Гэта наша гісторыя. З гэтым сцягам Беларусь стала незалежнаю. З тым, што я такім чынам праводзіў пікетаванне, я катэгарычна не згодны», — сказаў Алесь Здаравеннаў.

Суддзя Вадзім Бобыраў вынес прысуд, у якім прызнаў Алеся Здаравеннага вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні і прысудзіў яму штраф у 40 базавых велічынь (1160 рублёў).

Алесь Здаравеннаў сказаў, што не згодны з такім рашэннем і будзе яго абскарджваць.