«Пракуратура лічыць, што ўсе страты «Менсктрансу» прычыніў менавіта Пражэньнікаў»

Другое судовае паседжаньне пачалося з разгляду пазову «Менсктрансу», які палічыў, што менавіта Ігар Пражэньнікаў нанёс прадпрыемству шкоду ў памеры больш за 18 тысяч рублёў — падчас масавай акцыі на некаторы час быў спынены рух транспарту.

Юрысконсульт «Менсктрансу» Натальля Рыбак на пытаньне адваката, як рабіўся падлік стратаў, адказала, што яна ня ведае: гэтым займаўся аддзел перавозак і эканамічны аддзел. А згодна з «Актам аб спыненьні гарадзкога транспарту» ў разьлік ішла максымальная ўмяшчальнасьць транспарту, час прастою, кілямэтраж.

Адвакат пытаецца: якім тэрмінам можна назваць страты, якія нібыта панёс «Менсктранс»? Юрысконсульт ня можа адказаць. Адвакат спрабуе падказаць: «Гэта недаатрыманы прыбытак?»

«Вы мяне правакуеце на канкрэтны адказ. Пракуратура падала пазоў у інтарэсах прадпрыемства. Пракуратура лічыць, што ўсе страты «Менсктрансу» прычыніў менавіта Пражэньнікаў. Віну вызначае пракуратура», — кажа юрысконсульт «Менсктрансу» Натальля Рыбак.

Адвакат запытваецца, ці выстаўляліся пазовы іншым людзям, бо Пражэньнікаў дзейнічаў у групе нявызначаных асобаў. І калі іншым удзельнікам будуць выстаўленыя такія ж сумы, гэта будзе неабгрунтаванае ўзбагачэньне.

Натальля Рыбак абараняецца: «Гэта ня мы выстаўлялі пазоў, гэта пракуратура».

Ігар Пражэньнікаў пазоў у 18 тысяч 624 рублі не прызнае.

«Гатовы прызнаць, што нанёс шкоду «Менсктрансу» ў памеры 10 рублёў», — кажа хлопец.

«Актыўная роля Пражэньнікава пацьвярджаецца відэазапісамі»

Дзяржабвінаваўца падчас судовых спрэчак кажа, што віна Ігара Пражэньнікава цалкам даказаная: ён браў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, аказаў непадпарадкаваньне прадстаўнікам улады, перашкаджаў руху транспарту.

«Актыўная роля Пражэньнікава пацьвярджаецца відэазапісамі — ён рухаўся па праезнай частцы, ішоў не ў сярэдзіне натоўпу, а заўсёды быў у першым шэрагу, вёў натоўп за сабой. Вінаватасьць Пражэньнікава цалкам пацьверджаная відэазапісамі з Акрэсьціна, калі ён наклейваў залепку на камэру», — сказаў дзяржабвінаваўца.

Пракурор лічыць, што менавіта Пражэньнікаў павінен пакрыць пазоў «Менсктрансу» ў поўным аб’ёме.

І просіць прызначыць яму пакараньне: 1 год 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

У апошнім слове Ігар Пражэньнікаў сказаў, што на той момант у яго было імкненьне да лепшага жыцьця.

«Калі скажу, што я паддаўся натоўпу — не саграшу. Гэта быў юнацкі максымалізм. Я не апазыцыянэр, не рэвалюцыянэр, я не нясу ідэі ў масы.

За кратамі прыйшло асэнсаваньне, што я патрэбны толькі сваёй сям’і, маці. Віну цалкам прызнаю, шкадую пра тое, што зрабіў», — сказаў Ігар Пражэньнікаў у сваім апошнім слове.

Прысуд будзе абвешчаны ў судзе Фрунзэнскага раёну 17 лютага ў 12:30.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?