Чарговыя польска-ўкраінскія кансультацыі адбыліся з ініцыятывы Ўкраіны, піша Радыё Свабода.

«Асновай нашай бясьпекі — і ва Ўкраіне, і ў Польшчы — зьяўляецца незалежная, дэмакратычная Беларусь, жыхары якой самі вырашаюць лёс сваёй краіны. Таму мы жыцьцёва зацікаўленыя ў падтрымцы працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі. Мы таксама клапоцімся аб узгодненай і рашучай палітыцы Захаду ў дачыненьні пануючага рэжыму ў Беларусі», — заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Павал Солах.

Паводле яго, апошнім часам сытуацыя ў Беларусі стала найважнейшай тэмай супрацоўніцтва Польшчы і Ўкраіны.

Як паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства замежных справаў Украіны, удзельнікі кансультацый заявілі аб намеры прадоўжыць дыялёг у фармаце Люблінскага трыкутніка (Украіна Польшча, Літва), каб дапамагчы беларускаму народу і спрыяць далейшаму разьвіцьцю Беларусі як незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы.

«Для Ўкраіны і ўсёй Эўропы надзвычай важна, каб Беларусь заставалася сувэрэннай і незалежнай дзяржавай, удалечыні ад расейскіх уплываў. Украіна гатовая супрацоўнічаць у розных фарматах, каб дапамагчы Беларусі ў вырашэньні палітычнага крызісу», — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар.

Упершыню ў польска-ўкраінскіх кансультацыях узяў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, які падкрэсьліў важнасьць падтрымкі Польшчы і Ўкраіны рэпрэсаваных беларусаў і ў больш шырокай пэрспэктыве — у фармаваньні агульнай пазыцыі Захаду наконт сытуацыі ў Беларусі.