Аўтарства песні «Jerusalema» належыць паўднёваафрыканскаму выканаўцу і прадзюсару Master KG. Ëн нарадзіўся ў Лімпопа ў 1996 годзе і музыкай цікавіўся з дзяцінства. Дзякуючы дзядзьку, што падарыў яму камп’ютар, змог эксперыментаваць з бітамі ўжо з 13 год. 

Альбом музыкі «Skeleton Move» быў адзначаны шматлікімі музычнымі ўзнагародамі. У 2019 годзе Master KG стаў найлепшым мужчынам-артыстам Паўднёвай Афрыкі. Але менавіта выкананне «Jerusalema» ў дуэце са спявачкай Nomcebo Zikode прынесла яму міжнародную вядомасць. Адметна, што песня выконваецца на мове зулу. Калі перакладаць, то асноўны сэнс наступны: «Іерусалім — мой дом, не пакідай мяне, ратуй мяне».

 

На сённяшні момант кліп Master KG са снежня 2019 года паглядзелі амаль 310 мільёнаў разоў. 

Як з’явіўся танец?

У арыгінальным кліпе няма і намёку на вядомы нам танец. Усе гэтыя рухі прыдумаў танцавальны калектыў з Анголы Fenómenos do Semba. Такім чынам яны адзначылі сваё пяцігоддзе, якое ўжо выпала на каранавірусны перыяд, таму грандыёзнага святкавання не было. Усё, што маглі артысты, — сабрацца сціплай кампаніяй і ў сямейным коле павячэраць.

У ранейшых інтэрв’ю кіраўнік творчай групы тлумачыў, што сваім танцам яны «хацелі паказаць момант шчасця, шчырасць афрыканскага народа, асабліва жыхароў Анголы. Паказаць, што можна быць шчаслівым, не маючы амаль нічога, у такія цяжкія часы, якія мы ўсе сёння перажываем праз каранавірус». 

Такі пасыл прыйшоўся многім даспадобы, і вось ужо палымяны танец выконвалі супрацоўнікі авіякампаній, дзеці, баскетбалісты, дактары — тысячы людзей па ўсім свеце. Многія адзначалі, што танец падымаў настрой у няпросты час і аб’ядноўваў.

А як у Беларусі?

У нас адным з самых першых масава падтрымаў флэшмоб раён Новай Баравой.

Пасля гэтага беларусаў было ўжо не спыніць: штотыднёва ў сеціве з’яўляюцца ўсё новыя відэа. Да флэшмобу ўжо далучыліся Зялёны Луг, Чыжоўка, Серабранка, Аўтазавод, Лебядзіны, Малінаўка, Заслаўе, Ляскоўка, Магілёў, Віцебск і многія іншыя. Людзі разам развучваюць рухі, рэпетуюць, каб усё атрымалася ідэальна. 

Варта адзначыць, што ў Беларусі танец набыў дадатковы сэнс: гэта яшчэ адзін са спосабаў аб’яднаць суседзяў такім вось вясёлым чынам. Працяг дваровых ініцыятыў і здаровага грамадскага яднання на мясцовым узроўні.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?