Раніцай 13 студзеня ў Віцебску міліцыя затрымала ў лесе падчас прагулкі з палкамі для скандынаўскай хадзьбы шэсць пенсіянерак. Цяпер яны ў Першамайскім РАУС. Пра гэта Tut.by паведаміў Канстанцін Севярынец — муж адной з затрыманых, Таццяны Севярынец.

— Жонка патэлефанавала мне каля 10-й гадзіны раніцы і паспела сказаць толькі адно: «Нас акружылі людзі ў чорным». Потым сувязь з ёй перапынілася. Пазней Таццяна патэлефанавала ўжо з Першамайскага РАУС. Кажа, што яе з пяццю сяброўкамі затрымалі ў Шпілеўскім лесе пад Віцебскам, у якім яны гулялі з палкамі для скандынаўскай хадзьбы, — распавёў Канстанцін Севярынец.

Акрамя Таццяны Севярынец, у міліцыі знаходзяцца віцебскія пенсіянеркі Алена Коснава, Людміла Фамінская, Людміла Валаткевіч, Тамара Ільіна, Раіса Кухто.

— За што затрымалі жонку і яе сябровак, мне невядома. Ведаю толькі, што яны кожную раніцу гэтай кампаніяй трэніруюцца з палкамі — ходзяць па лесе, — дадаў Севярынец.

Канстанцін і Таццяна Севярынцы — бацькі палітыка Паўла Севярынца, які зараз пад следствам у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Яго маці не раз затрымлівалі і судзілі па артыкуле 23.34 КаАП.