Святлана Ціханоўская ў эфіры «Радыё Свабода» падтрымала Дар'ю Лосік — жонку адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу», кансультанта «Свабоды» Ігара Лосіка, які ўжо амаль месяц трымае галадоўку пратэсту. Яна заклікае палітвязня пачаць выхад з галадоўкі.

«Я думаю, што ў такіх умовах, калі такіх людзей, як Ігар, шмат, не трэба ахвяраваць сабой, каб гэта даказаць. Таму што на тым баку — дыктатуры, рэжыму — усё роўна. Мы бачым, што яны не хочуць адступаць ад гэтай жорсткасці. Я б хацела, каб Ігар падумаў пра сямʼю, пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам.

Я не ведаю Ігара. Магчыма, яму цяпер псіхалагічна цяжка адступіцца ад таго, што ён сказаў, што будзе трымаць галадоўку, пакуль яго не вызваляць. Але ён павінен ведаць, што людзі ніколі ў жыцці так не падумаюць, што ён адмовіўся ад галадоўкі і здрадзіў нейкім перакананням. Не. Гэта проста клопат пра сямʼю. Калі Даша на знак салідарнасці з мужам пачала сваю галадоўку, мы з ёй пагаварылі, і потым яна вырашыла ўсё ж спыніць галадоўку. На яе таксама аказвалі ціск праз дачку. Тут можна было таксама заняць прынцыповую пазіцыю, але яна ведала, што ў яе муж за кратамі і што ў яе дзіця. Каму б яна што даказала?

Гэта гора бацькам, дзецям і мужу, але ніяк не ўладам. Ім гэта ўсё роўна. Нікому ад гэтага лягчэй не будзе, калі пачнуцца нейкія незваротныя працэсы ў арганізме, а рэжыму пляваць.