Гэта ўжо трэці паход Казлова ў СК, але кожны раз ён адмаўляўся даваць паказанні, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі — нікога нельга прымусіць даваць паказанні супраць самога сябе.

У выніку Казлоў так нічога не сказаў, але з яго ўсё адно патрабавалі падпісаць паперку аб неразгалошванні. Палкоўнік Аксана Перастэнка паўтары гадзіны настойвала, каб палітык падпісаў паперку, але з гэтага так нічога не выйшла.

Гэтаксама Казлова дапытвалі 30 снежня і 5 студзеня. Кіраўнік АГП лічыць справу «нічым не абгрунтаванай». «Допыты праходзяць з адзінай мэтай, каб навычэпліваць нейкіх цытат, а з іх зляпіць абвінавачванне», — кажа палітык.

«У вельмі многіх пытаннях стаіць прыпіска аб «пагрозе нацыянальнай бяспецы». Я не вытрымаў і спытаў, ці засталіся яшчэ правы, якія не пагражаюць нацыянальнай бяспецы, мне на гэта нічога не адказалі. Мне здаецца, што падпіскай аб неразгалошванні яны хочуць прыкрыць тое глупства і непрафесіяналізм, які бачны ў гэтай справе».

На допыт 12 студзеня прыйшоў участковы Партызанскага раёна Мінска, які забраў палітыка і яго адваката ў апорны пункт міліцыі, дзе склаў адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаванне». Парушэнне заключаецца ў тым, што Казлоў адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. Суд прызначаны на 15 студзеня а 11:00.

Казлову пагражае штраф ці 15 сутак зняволення.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?