Фота Надзеі Бужан

Наймальнікам дазволілі адпраўляць работнікаў у аплатныя адпачынкі для самаізаляцыі і адпускаць на бальнічны без звароту да доктара. Гэтыя новаўвядзенні прадугледжаны мерамі падтрымкі эканомікі з-за неспрыяльнай эпідсітуацыі, паведамляе Tut.by.

Адпачынкі для самаізаляцыі

Наймальнікам дазволілі даваць адпачынак работнікам для іх самаізаляцыі. Але ёсць умова: у дакуменце прапісана, што месца самаізаляцыі вызначае наймальнік. Такі адпачынак аплачваецца не ніжэй за ўстаноўленую тарыфную стаўку, аклад, калі ў калектыўным дагаворы ці пагадненні не прапісаны іншы варыянт. Дарэчы, лакальным дакументам на прадпрыемстве не могуць быць прадугледжаны выплаты ніжэйшыя, чым устаноўленая мінімальная планка заканадаўствам па працы. То-бок у калектыўнай дамове можа быць прапісана больш высокая сума, чым усталяваны законамі мінімум, але ніяк не ніжэйшая.

Пры гэтым працягласць такога адпачынку павінны вызначаць па пагадненні бакоў.

Аплачваецца бальнічны да трох дзён без паходу да доктара

Наймальнікам таксама дазволілі адпускаць работнікаў з-за хворага стану на бальнічныя да трох дзён без паходу да дактароў, гэта значыць без афармлення лістка непрацаздольнасці. Прасцей кажучы, цяпер можна адляжацца дома і не ісці ў паліклініку па бальнічны. Але скарыстацца такой магчымасцю можна толькі тры дні сумарна, пакуль дзейнічае ўказ. Гэта значыць можна ўзяць такі бальнічны, да прыкладу, тры разы па адным дні ці за раз тры дні.

У прыватных кампаніях такія бальнічныя могуць аплачвацца. У дакуменце прапісана, што «захаванне сярэдняга заробку за перыяд вызвалення ад працы можа быць прадугледжана калектыўнай дамовай, іншым лакальным прававым актам арганізацыі». Выключэнне — бюджэтныя арганізацыі.

Ураду раней прапаноўвалі ўвесці аплатны бальнічны да 5 дзён без паходу да доктара.

Прастоі могуць быць бестэрміновымі

Наймальнікам таксама дазволілі аб'яўляць прастоі з-за неспрыяльнай эпідсітуацыі без абмежавання агульнай працягласці на працягу каляндарнага года. У звычайнай сітуацыі, не звязанай з эпідсітуацыі, прастой не можа быць большы за 6 месяцаў у годзе.

Пры прастоі, большым за 6 месяцаў у годзе, работнік можа прасіць датэрміновае скасаванне кантракту або працоўнай дамовы.