Зміцер Дашкевіч. Фота Надзеі Бужан

Былы лідэр «Маладога фронту», актывіст Зьміцер Дашкевіч абвяшчаў галадоўкі пратэсту некалькі разоў. У размове са Свабодай ён расказаў, што адчувае чалавек за кратамі, калі адмаўляецца ад ежы.

«Ігару цяпер значна цяжэй, чым мне ў 2012-м»

«Калі ў краіне 20 палітвязьняў і нехта абвяшчае галадоўку, нейкія іншыя мэтады барацьбы выкарыстоўвае, то ўвагі да гэтага больш, чым у сытуацыі, калі сядзяць сотні людзей, — кажа Зьміцер Дашкевіч. — Тады, у 2012-м (у 2012 годзе Дашкевіч два тыдні трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі мазырскай калёніі. — РС), сытуацыя была такой, што Лукашэнка пасьля зачысткі 2010 году думаў, як гэта ўсё залагодзіць. Як адгадаваць крыло на Захад. Прынамсі, нас прэсавалі ў турмах, стваралі ўмовы псыхалягічнага гвалту, фізычных цяжкасьцяў. Хадзілі і казалі — пішы на «памілуху» і ідзі. Самі шукалі сродак, як цябе вызваліць. Тут, у 2020-м, наўрад ці ўлады шукаюць сродак вызваліць палітвязьняў. Хіба што хтосьці, як той «міністар круглых сталоў», душу сатане прадасьць. Цяпер сытуацыя адрозная. Вельмі шмат палітвязьняў, і адбываецца не адкручваньне гаек, а іх закручваньне. Таму Ігару ў гэтым пляне значна цяжэй».

Дашкевіч абвяшчаў галадоўкі пратэсту двойчы. У абодвух выпадках актывіст адмаўляўся ад ежы, але піў ваду. Акрамя галадоўкі ў мазырскай калёніі, Зьміцер Дашкевіч таксама трымаў галадоўку пратэсту на волі ў 2010 годзе разам з паплечнікамі па «Маладым фронце». Тады яна працягвалася 21 дзень.

«Што я адчуваў падчас галадоўкі? Было вельмі халодна, — згадвае Зьміцер. — Гэта асноўная праблема галадовак за кратамі. Холад для мяне быў праблемай. Ён адчуваўся значна мацней пасьля таго, як пачалася галадоўка.

У ізалятары ў цябе толькі тоненькая роба, больш нічога. Іншых праблем не ўзьнікла, са здароўем таксама. Але 15 дзён — гэта не такі вялікі тэрмін. Галоўнае было выходзіць асьцярожна з галадоўкі. Але ў выпадку зь Ігарам, калі тэрмін ужо дайшоў да месяца, гэта можа мець значна больш складаныя наступствы. На маю думку, яму трэба спыняць галадоўку».

Дашкевіч таксама прыгадвае, што асаблівага нагляду з боку турэмных дактароў пасьля абвяшчэньня ім галадоўкі не было. Толькі калі ён сам пачынаў скардзіцца на ціск альбо штосьці іншае. Выходзіў з галадоўкі Дашкевіч з дапамогай супу. Так было ў турме. Пасьля 21 дзён галадоўкі на волі актывіст спачатку піў фізраствор, затым булёны.

«Сёньня для нас самае важнае зьберагчы свае сілы, — кажа актывіст. — Фізычнае і духоўнае здароўе.

Тое, што эпоха Лукашэнкі скончаная, гэта відавочна. Але яго сыход можа заняць некаторы час. І будзе няправільным, калі Лукашэнка зьнікне, а мы будзем фізычна альбо духоўна і маральна непрыдатныя для таго, каб далей працаваць і дзейнічаць дзеля Беларусі. Цяпер тыя ўмовы, у якіх апынуўся Ігар, ад яго галадаваньня альбо негаладаваньн, я думаю, ня вельмі залежаць. Ён зьдзейсьніў гераічны вычын. Зьвярнуў на сябе нашую ўвагу і ўвагу грамадзтва. Але цяпер самае галоўнае — сябе захаваць фізычна і духоўна. Наперадзе вельмі шмат цяжкай працы. Мы мусім сустрэць сыход Лукашэнкі натхнёнымі і радаснымі, а не змарнелымі і стомленымі. Таму я асабіста заклікаю Ігара да спыненьня галадоўкі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?