І ўсё ж 2020 год, нягледзячы ні на што, я ацэньваю пазітыўна. У ім шмат усякага-рознага сплялося, шмат беларусаў бязвінна пацярпела і працягвае цярпець, нехта ляжыць і ў сырой зямлі. Але нам трэба праз гэта прайсці. Цярпім сёння — што важна, у большасці выпадкаў усвядомлена, па ўласным выбары — дзеля шчаслівейшай будучыні. Бо ёсць народная мудрасць: «Што лёгка набылося, тое гэтак і збылося» — якая вельмі часта спраўджваецца.

Некалькі месяцаў таму ў нашым раённым чаціку адзін з ягоных удзельнікаў пры спантанным абмеркаванні пытання бел-чырвонага сцяга выказаў, відаць, усвядомленую нядаўна, а можа і проста ў той момант ісціну:

«И знаете что — в 1991 мы его очень легко получили, не оценили, а потому в 1995 так легко и потеряли. А сейчас мы его выстрадали на своих спинах и теперь уже точно никому не отдадим!»

Падобным чынам мы выпакутваем сёння на сваіх спінах, праз уласны досвед і разуменне іншых, не менш важных ісцін:

— таго, што Канстытуцыя і законы не мусяць быць пустой паперкай;

— што нельга лёс усяго народа і свой уласны аддаваць на волю аднаго чалавека;

— што падзел уладаў і незалежнасць іх адна ад адной — прынцып, надзвычай важны для камфортнага і справядлівага жыцця ў краіне;

— што рэфармаванне сілавых структур і судовай сістэмы — задачы першачарговай, а не другаснай важнасці;

— што неабходная змена і ў пенітэнцыярнай сістэме, бо цяперашнія парадкі — здзек над асобай і катаванні. І ўвогуле трэба гуманізаваць заканадаўства;

— што правы чалавека — гэта не цацка, з якой носяцца праваабаронцы, а рэч абсалютна першачарговая…

І гэтак далей, і да таго падобнае, можна пісаць бясконца.

Нашы сённяшнія пакуты, і індывідуальныя, і калектыўныя, не даюць гарантыі, але ствараюць куды большую імавернасць, што змены ў нашай краіне, якія непазбежныя, будуць якаснымі. І Лукашэнку-1 не зменіць Лукашэнка-2. Бо Лукашэнкі пад любымі нумарамі з'яўляюцца там, дзе на іх ёсць грамадскае запатрабаванне. У нас, я ўпэўнены, доўга не будзе. І дзеля гэтага варта пацярпець.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?