Сэрвіс Easy Bloggers, які аўтаматызуе працу з лідарамі меркаванняў, набраў найбольшую колькасць галасоў карыстальнікаў у 2020 годзе на Product Hunt і ўзначаліў пяцёрку праграм-лідараў, піша Dev.by.

Распрацоўка беларускай каманды дапамагае бізнэсу шукаць блогераў для правядзення рэкламнай кампаніі. Звычайна такую працу даводзіцца рабіць уручную. Аднак стартаперы змаглі пабудаваць сістэму, якая пры мінімуме рэсурсаў дазваляе аналізаваць мільёны інста- і ютуб-каналаў.

У пачатку мая Easy Bloggers з'явіўся на Product Hunt і тут жа стаў прадуктам тыдня, а затым і прадуктам месяца. Па словах CEO стартапа Яўгена Ражко, пасля запуску платформай сур'ёзна зацікавіліся многія прадстаўнікі амерыканскіх маркетынгавых агенцтваў. Ёсць цікавасць і з боку невялікіх кампаній — кожны дзень заходзяць на платформу ад 500 да 2,5 тысячы карыстальнікаў.

Стваральнікі Easy Bloggers абяцаюць, што з часам на базе Easy Bloggers можна будзе праводзіць рэкламныя кампаніі з лідарамі меркаванняў, і ў гэтым выпадку стартап будзе атрымліваць сваю камісію ад рэкламнага бюджэту. Проста пошук блогераў застанецца бясплатным.

У сярэдзіне лета стартап закрыў pre-seed раўнд на 150 тысяч даляраў, а раней каманда прыцягнула інвестыцыі на суму каля 100 тысяч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?